fbpx
Увядзіце свой email
Email мае няправільны фармат
Увядзіце свой e-mail для завяршэння рэгістрацыі
Захаваць
У Вашым кошыку няма тавараў

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

Навіны сымбаля
Праграма святкавання 100-годдзя БНР

Фінальная праграма “Свята Незалежнасці” 25 сакавіка ў Мінску да 100-годдзя БНР

25 сакавіка ў Мінску на плошчы каля Вялікага тэатра оперы і балета адбудзецца маштабны фестываль да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі “Свята Незалежнасці”. Мерапрыемства афіцыйна дазволена Мінгарвыканкамам. Поўная праграма і ўсе падрабязнасці на bnr100.by.

Афіцыйны хэштэг свята #БНР100.

Сцэна

13.00 — збор на пляцоўцы Свята.

13.00 – 14.00 — выступы гуртоў Amaroka і “Мутнаевока”, інтэрактыў ад хадулістаў вулічнага тэатру “Вір”.

14.00 — урачыстае адкрыццё.

14.00 – 15.00 — урачыстая частка з зачытваннем 3-й Устаўной граматы, віншавальнымі выступамі запрошаных гасцей, тэатральна-музычнай праграмай, выступамі мужчынскага хора “Headspring”, спявачкі Таццяны Грыневіч.

Вядучыя ўрачыстай часткі — Зінаіда Бандарэнка і Усевалад Сцебурака.

15.00 – 18.50 — музычна-віншавальная праграма з выступамі гуртоў і выканаўцаў: Akute, РСП, Юрый Стыльскі (гурт “Дай Дарогу!”), Nizkiz, Ігар Варашкевіч (гурт “Крама”), Dzieciuki, Кася Камоцкая (гурт “Новае Неба”), Пётр Клюеў (гурт “ЛСП”), Павел Аракелян, Адэля Вольская.

Таксама ў гэтай частцы праграмы:

— віншавальныя выступы вядомых грамадскіх актывістаў, творчых асобаў, прадстаўнікоў СМІ, замежных гасцей, спонсараў і партнёраў Свята;
— Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым — сумеснае выкананне беларускіх гімнаў і песень пачатку XX стагоддзя;
— прэзентацыя новай песні Лявона Вольскага “Героі не паміраюць”, адмыслова напісанай да 100-годдзя БНР;
— розыгрыш падарункаў ад Naviny.by, крамы “Мой модны кут”, кампаніі “Цесляры”, гульнявой прасторы Quvalda, каталога беларускамоўнага бізнесу і паслугаў “Свае.бел”, крамы Symbal.by.

Вядучыя — Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

18.50 – 19.00 — віншаванні ад арганізатараў Свята, супольнае ўрачыстае выкананне гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Пляцоўкі на тэрыторыі Свята

На працягу ўсяго мерапрыемства з 13.00 да 19.00 працуюць чатыры тэматычныя пляцоўкі:

Вуліца БНР — прэзентацыйныя стэнды, забавы, падарункі і розныя актыўнасці ад Партыі БНФ, Руху “За свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), пляцоўкі “Арт Сядзіба”, Задзіночання беларускіх студэнтаў, платформы Talaka.by і інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН”.

Кірмаш БНР — сувеніры і падарункі ў нацыянальным стылі ад крамаў Symbal.by, Lstr.by, Imbryk.by, Belarusam.by, “Мой модны кут”, беларускамоўная літаратура ад выдавецтваў “Arche”, “Логвінаў”, “Кнігазбор”, “Галіяфы”, “Янушкевіч”, “Тэхналогія”, разнастайная сувенірная прадукцыя да 100-годдзя БНР ад рамеснікаў і розных вытворцаў.

Таксама на гэтай пляцоўцы забавы “Віртуальная рэальнасць”, гравітацыйны пазл “БНР 100”, манетны атракцыён з клішэ “БНР 100”, дзе кожны зможа самастойна выкаваць сувенірную манету ад гульнявой прасторы Quvalda.

Цягам усяго свята крама “Мой модны кут” праводзіць латарэю-разыгранку з падарункамі, квэст на тэму “НЕ Кароткая гісторыя БНР”, будзе працаваць кропка з аквагрымам.

Дзеткі БНР — адмысловую дзіцячую пляцоўку на Свяце ладзіць адукацыйны цэнтр “Крочым разам”. На ёй вы пройдзеце па шляхах гісторыі ў гульнях і майстар-класах.

Расклад мерапрыемстваў на пляцоўцы:
14.00 — рухомая гульня “Прыемна пазнаёміцца”,
14.20 — майстар-клас “Герб зямлі маёй Пагоня”. Кожны ўдзельнік зробіць сабе невялікі сцяг з нацыянальным сімвалам — гербам “Пагоня”,
15.00 — рухомая гульня “Цмок”,
15.20 — майстар-клас “Краіна БНР”. Будуем (пакуль папяровую) краіну разам! І расфарбоўваем яе ва ўлюбеныя колеры,
16.00 — рухомая гульня “Рыцарскі турнір”,
16.20 — майстар-клас “Меч князя Вячкі”. Кожны ўдзельнік зробіць сабе рыцарскі меч. 17.00 — рухомая гульня “Мая палеская бабуля”.
17.20 — майстар-клас “Краіна мрояў”. Малюем каляровым пяском абрысы нашай Бацькаўшчыны.

Таксама ў асобным шатры “Маці і дзіця” можна пакарміць і пераапрануць немаўля.

Ежа БНР — вулічныя кропкі харчавання з гарачымі напоямі, кавай, гарбатай, фуд-кортамі, беларускімі стравамі ад “Bulba Frites”, “e-Draniki”, “Flash Royal”, “Don Rico”, “Coffee Wanted”, “Coffedream”, “Бочка”, “Максхот”, “Smart-Coffee” ды іншых.

Конкурс! На працягу ўсяго Свята публікуйце фотаздымкі з тэгамі #БНР100 і #naviny ў вашых сацыяльных сетках і атрымлівайце падарункі ад Naviny.by і партнёраў фестывалю.

Уваход на мерапрыемства вольны. Падтрымаць падрыхтоўку “Свята Незалежнасці” ў Мінску і іншых кутках Беларусі варта на Talaka.by.

Фірмовы стыль Свята і 100-годдзя БНР можна спампаваць тут.

Афіцыйны сайт мерапрыемства: bnr100.by.

Падзеі ў сацыяльных сетках: vk, facebook.


Дата правядзення: 25 сакавіка 2018 года.


Месца: плошча Парыжскай Камуны, 1 (пляцоўка каля Вялікага тэатра оперы і балета).


Час мерапрыемства: 13.00 – 19.00.


Выкарыстанне нацыянальнай сімволікі Беларусі і гістарычнай сімволікі БНР узгодненыя з Мінгарвыканкамам і ГУУС.

Дазвол Мінгарвыканкама аб правядзенні масавага мерапрыемства №1/2-22/1935 ад 01.03.2018.

 

 

Пра ход падрыхтоўкі і святкавання 100-годдзя БНР

У гэтай публікацыі мы збіраем акцыі, мерапрыемствы, ініцыятывы, прапановы, якія з’яўляюцца і яшчэ будуць з’яўляцца ў межах падрыхтоўкі ды святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Такім чынам тут вы знойдзеце максімальна поўную праграму і анонсы ўсіх падзей, а таксама інфармацыю пра магчымасці свайго ўдзелу ва ўсіх ініцыятывах.

Усе спосабы падтрымаць святочны мітынг і канцэрт каля Опернага тэатра ў Мінску ды іншыя мерапрыемствы ў межах 100-годдзя БНР апублікаваны тут.

Нацыянальны аргкамітэт зацвердзіў эмблему і сімволіку адзначэння 100-годдзя БНР . Яна будзе выкарыстоўвацца ў аздабленні ўсёй друкаванай, візуальнай і віртуальнай прадукцыі, а таксама ў межах акцый, святочных і творчых мерапрыемстваў.

Спампаваць афіцыйную эмблему святкавання 100-годдзя БНР у вектарным і растравым фарматах для шырокага выкарыстання можна тут.

Архіў па спасылцы будзе дапаўняцца дызайнамі разнастайнай прадукцыі: плакаты, налепкі, ўлёткі, паштоўкі, значкі, банеры, шпалеры для тэлефонаў і ноўтбукаў, аватаркі для сацыяльных сетак ды іншае.

Вашыя прапановы і дызайны з выкарыстаннем афіцыйнай эмблемы святкавання 100-годдзя аднаўлення незалежнасці нашага краю публікуйце з тэгам #БНР100 ці дасылайце на скрынку artsiadziba@gmail.com.

Падтрымаць выпуск і масавы распаўсюд бясплатнай прома-прадукцыі з сімволікай свята можна тут.

Як далучыцца?

1. Падтрымаць краўдфандынг на Talaka.by і такім чынам набыць сімвалічны квіток на «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка ў Мінску.

«Арт Сядзіба», разам з рэсурсам 1863x.com і працоўнай групай аргкамітэту «БНР 100» запусцілі збор сродкаў на правядзенне інфармацыйнай кампаніі, арганізацыю творчых мерапрыемстваў, вялікага святочнага канцэрту і бясплатны распаўсюд прома-прадукцыі (паштоўкі, налепкі, значкі, апаскі і т.д.).

Падтрымаць праект можна тут

2. Прапанаваць сваю акцыю, мерапрыемства ці любую актыўнасць у агульную праграму.

Давайце разам зробім, каб актыўнасцяў у межах святкавання было шмат, яны былі рознымі, ахоплівалі разнастайныя сферы дзейнасці, шматлікія куткі Беларусі і свету.

Таму дасылайце інфармацыю пра запланаваныя вамі мерапрыемствы, анансаваныя акцыі і створаныя прадукты, каб мы ўсё гэта дадалі ў агульную афішу і сфармавалі агульную ды разнастайную праграму.

Гэта можна зрабіць праз сайт bnr100.by.

Ужо выпушчаныя налепкі, паштоўкі, гумавыя браслеты, значкі, плакаты, якія можна атрымаць для распаўсюду.

Калі вы жывеце ў Мінску ці плануеце прыехаць на «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка, то ўзяць прадукцыю можна ў краме Symbal.by ці «Арт Сядзібе».

3. Стаць валанцёрам і актыўным удзельнікам падрыхтоўкі асноўных мерапрыемстваў.

Для правядзення шматлікіх запланаваных акцый і мерапрыемстваў, святочнага канцэрту, распаўсюду прома-прадукцыі і інфармацыі ў інтэрнэце спатрэбіцца шмат валанцёраў. Вы зможаце стаць адным з удзельнікаў вялікай каманды, якая будзе рыхтаваць і арганізоўваць розныя актыўнасці кампаніі «БНР 100».

Запоўніць анкету можна тут.

Выказванні і заявы

У 2018 годзе спаўняецца сто гадоў з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая падзея стала рашучым крокам у фармаванні і з’яўленні самастойнай беларускай нацыянальнай дзяржавы, дзякуючы чаму ў далейшым паўсталі БССР і Рэспубліка Беларусь, таму ўсім беларусам, ня гледзячы на палітычныя перакананні, трэба аб’яднацца, каб годна адзначыць гэтую падзею.

Як сказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч на круглым стале «1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты»: «У нашай дзяржаўнасці былі як гістарычныя формы — дзяржаўныя ўтварэнні на нашай тэрыторыі, пачынаючы ад Полацкага княства, так і нацыянальныя — калі ў назве загучала слова “Беларусь, беларуская”. Вось гэтыя нацыянальныя карані і бяруць свой пачатак у 1918 годзе, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Так, яна не стала сапраўднай дзяржавай, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. І гэта вельмі важны момант у нашай тысячагадовай гісторыі».

Таксама Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук даў адназначную ацэнку падзеям 100-гадовай даўніны: «Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі з’яўляецца такой жа каштоўнасцю, як і іншыя важныя падзеі ў гісторыі Беларусі. Упершыню была не толькі сфармулявана ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці, але і зроблены практычныя крокі па яе рэалізацыі».

Выказалася кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава: «Калі гэтае святкаванне неабходна грамадству, то, значыць, будзем разам, сумеснымі дзеяннямі і планамі рэалізоўваць ўсё гэта. Як вызначацца людзі, якім гэта неабходна, так і будзе».

Новы кіраўнік «Белай Русі» і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў размове з журналістам «Нашай Нівы»  сказаў: «Мне хочацца, каб гэтая дата працавала на кансалідацыю: мы павінны разам святкаваць ці адзначаць, але не мусім шукаць рэчы, якія нас раз’ядноўваюць».

Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, на круглым стале, арганізаваным ў рэдакцыі газеты «Звязды», выказаўся пра стварэнне БНР: «Безумоўна, гэта падзея выключнай важнасці. Упершыню ў палітычнай гісторыі Беларусі было прадэкларавана права нашай нацыі на незалежную дзяржаву». 

https://nn.by/?c=ar&i=203038

Аб’ядналіся і апазіцыйныя палітычныя арганізацыі ў агульны аргкамітэт, каб правесці 25 сакавіка «Дзень Волі» ў фармаце святочнай дэманстрацыі «Не як акцыя пратэсту, асуджэння чагосьці. Святочна. Каб людзі маглі прыйсці з дзецьмі, з кветкамі, семʼямі на гэтае святкаванне», – патлумачыў фармат акцыі Лявон Баршчэўскі, грамадскі дзеяч.

Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Шуневіч у размове з «Еўрарадыё» выказаў меркаванне: «І ўлады, і арганізатары гэтага мерапрыемства павінны знайсці агульную мову і зрабіць так, каб гэта было прымальна для абодвух бакоў. Чым больш мірна, спакойна, цывілізавана і, зразумела, з выкананнем усіх гістарычных патрабаванняў, тым для міліцыі будзе лепш. Таму я вітаю жаданне ўладаў і арганізатараў знайсці залатую сярэдзіну і правесці ўсё цывілізавана: без абвастрэння, узаемных папрокаў. Усё ж, гэта гісторыя, і да яе трэба ставіцца з павагай».

Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі з’яўляецца вельмі важным крокам у гісторыі Беларусі, і таму да стагоддзя БНР у краіне будзе арганізавана шмат мерапрыемстваў. Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.


https://nn.by/?c=ar&i=205538

Мерапрыемствы

22 лютага  13 красавіка  Мінск, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, вул. Янкі Купалы, 4. Музей запрашае на выставачны праект «Абуджаная жалейка», прысвечаны цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г., натхнёных першым крокам да незалежнасці Беларусі. Падрабязней тут.

Сакавік – красавік:  святочны тур гурта «Brutto» па Беларусі з прэзентацыяй альбому «Роккі»: 22 сакавіка – Салігорск, 23 сакавіка – Рэчыца, 24 сакавіка – Гомель, 30 сакавіка – Наваполацк, 31 сакавіка – Віцебск, 6 красавіка – Брэст, 11 красавіка – Бабруйск, 12 красавіка – Магмлёў, 13 красавіка – Ліда, 14 красавіка – Гродна, 19 красавіка – Маладзечна, 21 красавіка – Мінск.

9 сакавіка  пешаходная экскурсія «Кузня беларускага духу» па Мінску да 100-годдзя БНР пройдзе па тых адрасах, дзе 100 год таму гуртаваўся беларускі дух, здабывалася Незалежнасць. Удзел бясплатны. Пачатак а 18.00. Падрабязней тут.

9 сакавіка – Мінск. «Арт Сядзіба» запрашае прыняць удзел у гарадскім квэсце «Шляхамі БНР». Менавіта 9 сакавіка, 100 гадоў таму была прынята Другая Устаўная грамата да народаў Беларусі. Падрабязней тут.


https://nn.by/?c=ar&i=203038

https://nn.by/?c=ar&i=203038

12 сакавіка – Мінск, пр-т Машэрава, 18. У «Арт Сядзібе» адбудзецца творчая сустрэча з вядомым пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым «БНР: асобы і лёсы». Пачатак а 19.00. Уваход вольны, але колькасць месцаў абмежаваная, таму трэба зарэгістравацца па спасылцы тут.

13 сакавіка – Мінск, парк Янкі Купалы. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар братоў Луцкевічаў. Пачатак а 11.00 Падрабязней тут.

15 сакавік – 7 траўня, Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12). Дзейнічае выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці». Падрабязней тут.

15—16 сакавіка – Мінск, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, вул. Акадэмічная, 1. Інстытут гісторыі НАН Беларусі запрашае ўзяць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці». Падрабязней тут.

17 сакавіка – Мінск, канферэнц-зала Міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў, пр. Газеты Праўда, 11. Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ арганізоўвае навукова-гістарычную канферэнцыю, прысвечаную стагоддзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Выступяць вядомыя беларускія гісторыкі, навукоўцы і грамадзкія дзеячы. Рэгістрацыя ўдзельнікаў а 10.00, пачатак аб 11.00. Падрабязнасці тут.

20 сакавіка – Мінск, культурны інкубатар «Ок16», вул. Кастрычніцкая, 16. Прэзентацыя кнігі «Падарожжа ў БНР». Аўтар «Падарожжа ў БНР» журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа. Пачатак а 19.00. Падрабязней тут.

20 сакавіка – Мінск, культ. цэнтр «Корпус». Спеўны сход: Беларускія песні і гімны да 100-годдзя БНР. Пачатак а 19.00. Падрабязней тут.

21 сакавіка – шпацыр па мясцінах БНР у Мінску з адным з самых абазнаных адмыслоўцаў у гэтай тэме Сяргеем Харэўскім. Запісацца можна тут.

22 cакавіка – Мінск, у памяшканні «Арт Сядзібы» (пр. Машэрава, 18) адбудзецца сустрэча з Сяргеем Шупам, перакладчыкам, журналістам Радыё Свабода, даследчыкам, укладальнікам зборнікаў архіваў БНР, а таксама аўтарам новай кнігі «Падарожж ў БНР». Зарэгістравацца на сустрэчу можна тут.

22 сакавіка  20 красавіка  Мінск, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Выставы «Мы ёсць народам!»  (М.Доўнар-Запольскі), прымеркаванай да 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Падрабязней тут.

23 сакавіка – Гродна, этнакрама «Цудоўня», вул. Кірава, 3. Прэзентацыя кнігі «Падарожжа ў БНР». Аўтар «Падарожжа ў БНР» журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа. Пачатак а 18.30. Падрабязней тут.

23 і 24 сакавіка – Мінск, Маладзёжны тэатр эстрады, вул. Маскоўская, 18а. Прэм’ерныя паказы дзіцячага спектакля «Як літара Ў вясну гукала». Квіткі можна набыць тут.


https://nn.by/?c=ar&i=203992

23 сакавіка – Мінск, клуб «Re:public», вул. Прытыцкага, 62. Вялікі фестываль прымеркаваны да 100-годдзя БНР «Фэст вясновага раўнадзенства» з удзелам гуртоў: Gods Tower, Znich, Trollwald, Дрыгва. Падрабязней тут.

23 сакавіка – Мінск, вул. Валадарскага, д. 9. Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі а 13-й гадзіне. Чакаюцца выступы паважаных гасцей і вядомых музыкаў! Падрабязнасці тут.

24 сакавіка – Мінск, Кіеўскі сквер. Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ запрашае з 12.00 да 16.00 на святочныя мітынг і канцэрт прысвечаныя 100-гадоваму юбілею ўтварэння БНР. Гэтую акцыю можна разглядаць таксама як пачатак святкавання і пралог да ўрачыстага мітынга і канцэрта, які адбудзецца 25-га сакавіка каля Вялікага тэатра опэры і балету ў Мінску. Падрабязней тут.

23 сакавіка – Гомель, RED PUB, пр-т. Леніна, 10. Святочны канцэрт гурта «Akute». Падрабязней  тут.

24 сакавіка – Віцебск, Бітлз-клуб, вул. Кастрычніцкая, 12. Святочны канцэрт гурта «Akute». Падрабязней тут.

25 сакавіка – Магілёў, клуб «Cuba», вул. Першамайская, 29. Святочны канцэрт гурта «Akute». Падрабязней тут.

25 сакавіка  пешаходная экскурсія «Кузня беларускага духу» па Мінску да 100-годдзя БНР пройдзе па тых адрасах, дзе 100 год таму гуртаваўся беларускі дух, здабывалася Незалежнасць. Удзел бясплатны. Пачатак а 18.00. Падрабязней тут.

25 сакавіка  пешаходныя экскурсіі па Мінску ад праекта «Вандроўкі ў мінулае»:
13.00 – Старасвецкі праменад (сустракаемся ля ўваходу ў краму «Мегатоп» (вул. Кірава, 1),

15.00 – Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага Менску (сустракаемся ля помніку Адаму Міцкевічу).

25 сакавіка – Мінск, плошча Парыжскай Камуны каля будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы i балета Беларусі. Свята Незалежнасці — урачысты мітынг і канцэрт прысвечаныя 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уся праграма свята будзе апублікаваная на bnr100.by. Падзеі ў сацыяльных сетках: FB, VK.

25 сакавіка — Гродна, Каложскі парк. Час правядзення: 13:00 – 17:00. Свята Незалежнасці ў Гродне! Падрабязнасці тут.

25 сакавіка — Баранавічы, актавая зала Дзіцячай музычнай школы мастацтваў (вуліца Горкага, 20). Свята да 100-годдзя БНР. Падрабязнасці тут.

25 сакавіка — Брэст, Плошча Свабоды. Вулічны фестываль «100 год БНР» пачнецца 25 сакавіка а 12-й гадзіне ў Брэсце. Падрабязней тут.

4 красавіка  15 красавіка, Мінск, вул. Казлова, Палац Мастацтва. Выстава «Код: 25.03.18», прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падрабязней тут.

Акцыі і падзеі

У Акадэміі навук падрыхтавалі аўдыягід па мясцінах БНР у Менску. Спампаваць можна тут.

У Горадні стварылі мапу з адрасамі другой сталіцы БНР. Падрабязней тут.

Блогер стварыў мапу месцаў БНР ва ўсім свеце. Падрабязней тут.

Апублікаваны аўдыёраман Сяргея Шупы«Падарожжа ў БНР». Слухаць тут.

Дызайнер Саша Чабатароў прэзентаваў свой варыянт лагатып да стагоддзя БНР.
https://nn.by/?c=ar&i=205642

Сабраныя сродкі і да 25 сакавіка будзе ўсталяваная шыльба ў Мінску, на вул. Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць БНР. Падрабязней тут.

Саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчае літаратурны конкурс да 100-годдзя БНР! Падавайцеся, калі пішаце творы на гістарычную тэматыку ў паэзіі, прозе, эсэістыцы, драматургіі. Падрабязней тут.

Творчы конкурс ад Моладзі Руху «За Свабоду» на самую крэатыўную працу з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Падрабязней тут.

Symbal.by і «Арт Сядзіба» разам з мастаком Максам Пякарскім распрацавалі фірмовы стыль БНР100, які можна бясплатна спампаваць для шырокага выкарыстання тут.

1 сакавіка прэзентаваная кніга «Шляхамі БНР. Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі». «Шляхамі БНР» склалі дзевяць гісторыкаў з усёй краіны. Кожны з іх даследаваў сляды і адрасы Беларускай Народнай Рэспублікі ў пэўным рэгіёне.

Віртуальны шпацыр па мясцінах БНР у Мінску з Сяргеем Харэўскім. Відэа з лекцыі ў «Арт Сядзібе», якая прайшла 2 сакавіка з вялікім аншлагам.


https://nn.by/?c=ar&i=205644

https://nn.by/?c=ar&i=205644

Symbal.by ў фэйсбуку размясціў тэматычныя рамкі, якімі цяпер вы можаце карыстацца для ўпрыгожвання вашых аватарак, рабіць унікальныя фотаздымкі. Як гэта рабіць чытайце тут.

Арганізацыя «Дзея» і Алесь Лагвінец стварылі фотазону #БНР100 і правялі акцыі ў Мінску ды Слуцку.

Актывісты размясцілі ў людных месцах Брэста плакаты–напаміны з надпісам: БНР 1918.

Першы нумар газеты «Наша Ніва» ў 2018 годзе выйшаў з прысвячэннем Беларускай Народнай Рэспубліцы ў фірмовым стыле «БНР – 100».

Відэаролік «Скарб» створаны Symbal.by і творчым аб’яднаннем «Інакш» да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ды прызнання бел-чырвона-белага сцяга ды герба «Пагоня» дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.

Відэаролік «Адрасы БНР» пра зажаваныя будынкі ў Мінску, Гродне і Магілёве, дзе адбываліся падзеі, звязаныя з БНР.

Да 100-годдзя БНР у Гомелі прапануюць назваць вуліцу імем Палуты Бадуновай. Палута Бадунова — беларускі палітык, адзін з лідараў Беларускай партыі эсэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыята БНР.

Партыя БНФ правяла сустрэчу і накіравала прапановы ў Адміністрацыю прэзідэнта па святкаванню стагоддзя БНР: гэта ўсталяванне памятных шыльдаў на дамах, звязаных з БНР, сумеснае святкаванне незалежнага грамадства і ўладаў, правядзенне супольнага палітдня на прадпрыемствах на тэму БНР, і шмат усяго іншага.

Працягваецца распаўсюд святочных паштовак да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прадукцыя

Cерыя сувенірнай прадукцыі (адзенне, паштоўкі, значкі, налепкі, гадзіннікі, вокладкі на пашпарт і інш.)  «БНР — 100» ад Symbal.by.

Брэнд «Honar» выпусціў калекцыю адзення да 100-годдзя БНР.

Мангалы і гадзіннікі ручной працы з вінілавых пласцінак «100 год БНР» ад кампаніі «БелМангал».

Чахлы на мабільныя тэлефоны з фірмовым стылем #БНР100 ад bel.caseme.by.

Гатунак піва «Менскае 1918» ад бровара «Лідскае», прысвечаны 1918 году, калі Менск упершыню быў афіцыйна прызнаны сталіцай незалежнай дзяржавы. 25 сакавіка 1918 года 3-я ўстаўная грамата замацавала статус Менска як сталіцы Беларускай народнай рэспублікі.

Насценны фотакаляндар на 2018 год «Адрасы БНР. 1918-2018» створаны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Набыць можна тут.

Беластоцкі тыднёвік беларусаў «Ніва» выдаў каляндар да 100-годдзя БНР. Спампаваць можна тут.

Цішоткі і світшоты «Крылы БНР» ад крамы «Мой модны кут».

Адзенне з нагоды 100-годдзя БНР ад брэнда «LSTR».

Значкі «Жыве!», выпушчаныя «Асамблеяй НДА» да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Распаўсюджваюцца бясплатна праз «Арт Сядзібу» (пр-т Машэрава, 18) і краму Symbal.by.

Перавыданне супольнасцю imago.by папяровай копіі мапы Беларускай Народнай Рэспублікі. Набыць можна тут.


https://nn.by/?c=ar&i=201876

Інфармацыйныя рэсурсы

Сайты: bnr100.by, 1863x.com/bnr100, svaboda.org.

Сацыяльныя сеткі: vk.com/bnr100, facebook.com/bnr100, ok.ru/bnr100, twitter.com/bnr1918, telegram.me/bnr100, instagram.com/bnr100.

Хэштэг кампаніі: #БНР100.

Гістарычная хроніка БНР: vk.com/chronikabnr, telegram.me/bnr1918.

Рада БНР: radabnr.org, vk.com/radabnr, facebook.com/radabnr, twitter.com/radabnr.

Сімволіка і атрыбутыка

Спампаваць афіцыйную сімволіку і атрыбутыку ў растравым і вектарным фарматах, а таксама розныя варыянты герба «Пагоня», можна тут.

Нацыянальны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Вучым словы, каб разам спяваць 25 сакавіка!

Гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
(словы Макара Краўцова, музыка Уладзіміра Тэраўскага)

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

Зніжкі
Падпісацца
© SYMBAL.BY (2014-2024). Усе правы абароненыя. Выкарыстанне змесціва сайту дапускаецца толькі са згоды праваўладальніка. Кошты на сайце пазначаныя ў далярах ЗША.
Pay with PayPal, PayPal Credit or any major credit card

ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.