fbpx
Увядзіце свой email
Email мае няправільны фармат
Увядзіце свой e-mail для завяршэння рэгістрацыі
Захаваць
У Вашым кошыку няма тавараў

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

Навіны сымбаля
Мерапрыемствы і акцыі на Дзяды-2018

81 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД («амерыканкі») былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР: літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.

Плануецца 7 мерапрыемстваў, звязаных з сумнымі падзеямі. Варта наведаць у знак памяці і павагі.

27 кастрычніка – 12:00. Бясплатная экскурсія па мінскіх вуліцах рэпрэсаваных літаратараў. Запіс: +375 (44) 538-62-83 (Валерыя).

27 кастрычніка – 16:00. Бясплатная экскурсія «Курапаты – беларуская Галгофа». Запіс: +375 (44) 538-62-83 (Валерыя).

28 кастрычніка шэсце на Дзяды. Дазвол атрыманы! Збор ўдзельнікаў а 11.30 каля завода «Прамень», станцыя метро «Парк Чалюскінцаў».

Першая акцыя на Дзяды адбылася 30 гадоў таму 30 кастрычніка 1988 года. Тады, неўзабаве пасля стварэння аргкамітэта Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. І менавіта на той акцыі быў упершыню ўзняты бел-чырвона-белы сцяг у новай гісторыі Беларусі.

28 кастрычніка «Арт Сядзіба» запрашае на імпрэзу «Вечар вечных вершаў», прысвечаную рэпрэсаваным у 30-я гады літаратарам. Імпрэза пройдзе ў прасторы «Грай», пачатак а 19-й гадзіне.

Творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры будуць чытаць Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Уладзь Лянкевіч, Мікіта Найдзёнаў, Дар’я Бялькевіч, Валярына Кустава, Янка Каліноўскі. Таксама заспяваюць Уладзь Лепяшынскі, Сяргей Башлыкевіч і гурт ZANZIBAR. Уваход вольны!

29 кастрычніка з 20.00 да 24.00 адбудзецца акцыя «Ноч расстраляных паэтаў». Чытаем разам творы рэпрэсаваных літаратараў ці сучасныя вершы на адпаведную тэматыку. Вучыце творы, бярыце з сабою знічкі і прыходзьце ў Курапаты: гэта будзе годны вечар з удзелам многіх вядомых пісьменьнікаў, музыкаў, артыстаў.

29 кастрычніка – 18:00. Вечар выратаваных тэкстаў. Літаратурны музей Петруся Броўкі. Памяці расстраляных паэтаў. У чорную дату беларускай літаратуры. Даследчыкі і архівісты раскажуць гісторыі пошукаў і адкрыццяў тэкстаў расстраляных паэтаў.

Толькі на адзін вечар будуць выстаўленыя для паказу знойдзеныя рукапісы Алеся Дудара, Сяргея Астрэйкі, Юлія Таўбіна і Тодара Кляшторнага.

Выступоўцы: Віктар Жыбуль, Андрэй Хадановіч, Аксана Данільчык, Максім Іўкін.

29 кастрычніка запрашаем усіх аматараў беларускага пісьменства ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры на імпрэзу «Незабытыя галасы». А 18.30, у дзень памяці ахвяр палітычнага тэрору, там пройдуць літаратурныя чытанні.

Прагучаць паэтычныя і празаічныя творы Анатоля Вольнага, Платона Галавача, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Міхася Зарэцкага, Мойшэ Кульбака, Тодара Кляшторнага, Юркі Лявоннага, Валерыя Маракова, Міхася Чарота і многіх іншых. Творы прачытаюць вядомыя беларускія пісьменнікі і пісьменніцы, перакладчыкі, крытыкі, публіцысты, дзеячы культуры.

Да Дзядоў плануецца скончаць працы па стварэнню «Брукаванкі памяці».

Вось так выглядала брукаванка 22 кастрычніка.

Трэцяга чэрвеня споўнілася 30 гадоў з таго моманту, як у газеце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці», і беларусы ў 1988 годзе даведаліся праўду пра Курапаты. Гэтая падзея зрабіла кардынальны пералом у беларускай гісторыі напрыканцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Беларусы былі ў шоку ад асэнсавання таго, што масавыя забойствы землякоў праходзілі побач і ў вялізных маштабах. Менавіта тады, у 1988 годзе, у Беларусі распачаліся масавыя шэсці да Курапатаў.

Грамадская дырэкцыя Народнага мемарыяла «Курапаты» пры падтрымцы культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы Symbal.by разам з Talaka.by распачалі ініцыятыву «Брукаванка памяці».

Гэта адначасова сімвалічная акцыя і працы па добраўпарадкаванні Народнага мемарыяла ды вырашэнні яго сённяшніх праблем.

Практычная справа

На ўваходзе ў мемарыял праз тунэль пад МКАД няма добрай пешаходнай дарогі, замест яе – драўляныя насцілы, слота і вечныя лужыны. Праблемы дадае і вялікая труба, што выходзіць у гэтым месцы і сустракае наведвальнікаў мемарыяла. Нізкае месца даўно патрабуе ўпарадкавання і стварэння годнай брукаванкі, якая будзе весці да асноўнага мемарыяла. Таму з дапамогай спецыялістаў плануецца зрабіць насып на гэтым участку, адводы вады і брукаваную якасную дарогу.

Каб сабраць патрэбныя для гэтай справы сродкі, запушчаны краўд-праект на Talaka.by. Кожны неабыякавы беларус можа падтрымаць праект і набыць для брукаванкі сімвалічныя камяні, якія затым стануць сапраўднымі ў агульнай народнай брукаванцы.

Падтрымайце праект на Talaka.by!

Сабраныя грошы пойдуць на стварэнне якаснай брукаванай дарогі ад тунэля праз МКАД да Крыжа пакутаў у народным мемарыяле «Курапаты». Грошы, якія застануцца пасля адкрыцця брукаванкі да восеньскага шэсця на Дзяды, будуць выкарыстаныя на іншыя працы па доглядзе і добраўпарадкаванні крыжоў мемарыяла. Гэтымі справамі ўжо 30 гадоў займаецца на валанцёрскіх пачатках Грамадская дырэкцыя мемарыялу.

Усе працы будуць скончаныя да 28 кастрычніка, калі сёлета адбудзецца традыцыйнае шэсце на Дзяды. Першая акцыя на Дзяды адбылася 30 гадоў таму 30 кастрычніка 1988 года. Тады, неўзабаве пасля стварэння аргкамітэта Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. І менавіта на той акцыі быў упершыню ўзняты бел-чырвона-белы сцяг у новай гісторыі Беларусі.

Сімвалічная акцыя

Кожны наведвальнік мемарыяла  «Курапаты», хто мае рэпрасаваных сваякоў ці ў каго баліць душа за крывавыя старонкі нашай гісторыі, можа прынесці свой мясцовы камень, які стане часткай агульнай «Брукаванкі памяці». І такім чынам плошча перад Крыжам пакутаў, куды будзе весці брукаванка, стане сімвалам жывой памяці.

Час збіраць камяні!

Неабходнасць брукаванага шляху да мемарыяла з’явілася даўно, бо падчас дажджоў наведваць Курапаты без спецыяльнага абутку даволі нязручна і часам нават немагчыма. Улічваючы, што шэсце «Дзяды» сёлета таксама адзначае 30 гадоў, ёсць мэта ўжо да восені зрабіць народнымі сіламі добрую брукаванку, якая дазволіць зручна наведваць людзям мемарыял у любую пару года.

Спадзяёмся, што гэтая акцыя стане сімвалічнай і народнай традыцыяй прыходзіць у Курапаты і праз камяні пакідаць свой боль, цяжар, праблемы і трагедыі ды ўшаноўваць памяць загінулых. Курапаты сталі месцам жалю і захавання трагедый тысячаў беларусаў.

Курапаты – гэта месца надзеі, якое прымае слёзы і боль беларусаў, каб даць палёгку для жыцця і далейшага змагання.

Народны мемарыял «Курапаты» — наш боль і нязгасная памяць, святыня беларускага народа. Там былі знішчаныя каля 250 тысячаў нявінных людзей. Курапаты — адно з многіх месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ў ямах ахвяры рэпрэсій 1937-1941 гг. Па маштабах злачынства і колькасці ахвяр Курапаты можна параўноўваць з Асвенцымам і Бухенвальдам.

Унікальнасць і актуальнасць гэтага мемарыяла ў тым, што людзі на працягу апошніх 20-ці гадоў стварылі, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, Народны мемарыял. Створаны сапраўдны валанцёрскі рух, збіраюцца ахвяраванні, на якія вырабленыя і ўсталяваныя больш за 1000 крыжоў і іншыя мемарыяльныя знакі, праведзеныя сотні талокаў па ўпарадкаванні тэрыторыі пахаванняў на дзясятках гектараў лесу, выдаюцца дзясяткі тысяч інфармацыйных матэрыялаў. Усё гэта зроблена на народныя ахвяраванні. 

Памятаем, каб жыць і мець будучыню!

Зніжкі
Падпісацца
© SYMBAL.BY (2014-2024). Усе правы абароненыя. Выкарыстанне змесціва сайту дапускаецца толькі са згоды праваўладальніка. Кошты на сайце пазначаныя ў далярах ЗША.
Pay with PayPal, PayPal Credit or any major credit card

ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.